Далёкі тупат кананады.
Бягуць грымоты, як сланы.
Ідзём без строю, без каманды,
Пад балалайку ў тры струны.
Патроны. Антрацыт махоркі.
Адстаў прастуджаны баян
З абозамі. Скорагаворкі
Вясковай песні любы нам.
За ворагам мы будзем гнацца
З гранёнай ярасцю штыкоў.
«Сямёнаўну»
сержант Ігнацьеў
Вядзе з смаленскіх бальшакоў.
З-пад хвояў выступае вёска,
Салёна пахнуць палыны.
«Сямёнаўну»
спявае войска,
Нібы вяртаемся з вайны.
Спяваем мы, пакуль пяецца,
Спявае вецер і сасна;
Не ведаем, дзе абарвецца
Неадспяваўшая струна.
Сухі пясок, сухія гаці,
Сухі туман балтыйскіх вод.
На дзюны ўпаў сяржант Ігнацьеў,
Пад біўні зломленых грымот.
Чарнеюць спаленыя дзюны,
Чарнее глыба валуна.
Парваныя сцякаюць струны:
Сямёнаўна,
Іванаўна...
Яшчэ ў нас будзе гром і ціша,
Яшчэ не раз знямее ўзвод.
I хтосьці з нас, жывых, напіша
Свой рэквіем
праз дваццаць год.
Далёкі тупат кананады...
Катэгорыі вершаў
Лепшыя аўтары
4.0925628678438
Галасоў: 1869. Сярэдняя: 4.09
4.3823109843081
Галасоў: 701. Сярэдняя: 4.38
4.1778093883357
Галасоў: 703. Сярэдняя: 4.18
4.1352517985612
Галасоў: 695. Сярэдняя: 4.14
3.9840989399293
Галасоў: 566. Сярэдняя: 3.98
4.4070796460177
Галасоў: 339. Сярэдняя: 4.41
4.265625
Галасоў: 320. Сярэдняя: 4.27
4.167701863354
Галасоў: 322. Сярэдняя: 4.17
3.9299363057325
Галасоў: 314. Сярэдняя: 3.93
4.6412213740458
Галасоў: 262. Сярэдняя: 4.64
Раiм наведаць
Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь
Лічыльнікі