Азарыцкая калыханка

 

Памяці малалетніх вязняў
Азарыцкага канцлагера

Калыша ў балоце крывая сасна
На голлі сваім бяду і дрымоту.
Ля мёртвай матулі прыснула дзіця...
Люляе, люляе сасна адзіноту.

І ходзіць навокал самотны “бай-бай”,
Здувае сняжок і змятае пушынкі.
Падаўся пад цёплы бачок цераз гай
Маленькі ваўчок да другое дзяўчынкі.

А дрэва калыша. А вецер пяе,
Выводзіць нямую, без слоў калыханку,
Ніякай надзеі малой не дае
Убачыць ваўчка і ўбачыць заранку.

Не спаці, не спаці. Зусім не да сну.
Ах, люленькі-люлі. Не ўчуеш вясну.
На лес на сухі вы, дрымоты, ляціце,
Маленькаму вязню надзею пашліце.