Валера Мацулевіч

Хада вайны

 

“Крочыў” танк жалезнаю хадою
Па зямлі прывабнай і чужой.
Застагнала дрэўца маладое,
Як святар, забіты прад імшой.

Больш не стане ўжо духмяным хлебам
Залаты, як злітак, каласок.
Больш у вочы не ўсміхнецца небам
Знішчаны пачварай васілёк.

Пройдуць тракі па ўсяму, што свята,
Перамелюць радасныя сны.
“Крочыў” танк паходкаю вар’ята,
“Крочыў” танк паходкаю Вайны.

Антыбагдановіч

 

Жудасны Марс узышоў над Зямлёю,
Жахі вайны за сабою прывёў.
Плямай крывавай праз бінт супакою
Жудасны Марс узышоў.

Пыльны пейзаж на Чырвонай Планеце
Ў госці, напэўна, сабраўся да нас.
Гінуць дарослыя, гінуць і дзеці –
Менш перамог, чым параз.

Жудасны Марс узышоў над Зямлёю,
Толькі Надзея б ізноў ажыла,
Сведкай Кахання калі б над журбою
Зорка Венера ўзышла.