Аляксей Карпенка

Енк залунае шматкроць

 

енк залунае шматкроць
сьмерць зойдзецца чорным пеўнем
куля ўкапаецца ў плоць
нахабна надзейна і ўпэўнена

пекла прызначыць нам
спатканьне ў часах і прасторах
кожны сьвінцовы грам
настаўніцкі дотык гісторыі

Дняпроўскі боль

 

Як мантры адно: “Жыве вечна! Жыве!”
Шаптацьмем – з тым шэптам і згінем...
Па хвалях дняпроўскіх боль братні плыве,
Боль братні плыве супраць плыні.

Асьлеплены люд да сваёй барацьбы -
За троны, за землі – на мяса!
Склікаюць князі, каб у шале рабы
Кроў братнюю лілі і рады былі...

На лупалаўскай, костак поўнай зямлі
Заплакаў помнік Тарасу.