Кастусь Кірыенка
Пагасла зорка дзесь над полем...
Пагасла зорка дзесь над полем.
Пасля яшчэ вунь, і яшчэ...
Што мне да іх?.. А нейкім болем
Раптоўна сэрца апячэ.
Як быццам зараз нешта страціў,
Кагосьці болей не вярнуць.
I ўспомніш фронт, балоты, гаці,
I згадкі памяць разануць.
I нешта стане ў горле комам,
I здасца раптам: сам гарыш...
А зоркі падаюць са звонам.
I звон такі — што не сасніш...
Вярніце мне жывое зерне...
Вярніце мне жывое зерне
З тае гарматнай калатні.
Вярніце любасць мне і вернасць,
Што вывяраліся ў агні.
Вярніце ўсмешкі, казкі, гулі.
Але ў каго патрабаваць?..
Хіба чым-небудзь іх расчуліш,
Вось тых, што прагнуць забіваць?..
Яны адну вучылі мову:
Агонь, і сталь, і гром — у твар...
Дык будзь жа цвёрдым, маё слова,
I будзь бязлітасным, удар!
Сто песень... Сто жывых паданняў...
Сто песень... Сто жывых паданняў...
Сто дум... I сто адказаў ім...
I сто — са ста дарог — жаданняў,
I сто пытанняў перад тым.
Ці ўсё прызнаў з таго, што спела?
Ці ўсё збярог, што браў навек?
Чым жыў? Чым славіў тую смеласць,
Што не дае жыцця на здзек?
Якім святлом, якой турботай
Душу выводзіў з нематы?..
Сто песень... Як дайсці да сотай
З агнём ад першае вярсты?..
Далі травінцы назву — слёзкі...
Далі травінцы назву — слёзкі. А з ёй — паданне для вякоў. Ішла вайна.
Адзін, магчыма, крок, не болей...
Адзін, магчыма, крок, не болей
Ступіў ты ў вогненны прасцяг, —
Але ў тваіх руках над полем
Узвіўся наш гвардзейскі сцяг.
Звычайны крок. Адзін. Апошні.
А пакаленням ён урок.
Перамаглі мы — знае кожны —
Таму, што ты ступіў свой крок.
I кожны — думай, марай, снамі
Жыве, — вось так ступіць, як ты,
Каб сцяг, узняты ў бітвах намі,
Панеслі ў даль сыны, браты.