Страляла батарэя. Біў па танку
Снарад — і танк гарэў. А насупроць
У жыце росным — як вітанне ранку —
Гукала перапёлка: «шыць-палоць».
На ўзмежках людзі, нібы ў задуменні,
Паціху адыходзілі ў нябыт.
А дзесь для іх раджаліся праменні
I радасна ляцелі з-за ракіт.
Не згледзець вокам, не абняць — навокал
Грымелі і дыміліся палі.
А ўсё ж аднекуль стомлена —
здалёку,
Каб напаіць іх, воблакі плылі.
I хоць, здаецца, ўсцяж запанавала
Смерць, па-вар'яцку ладзячы свой баль,
Ды зналі людзі: скончыцца навала!
Уся ў праменнях будзе гэта даль!
Не чулі мёртвыя, як сонца грэе,
Жывым жа не да гэтага было.
Усё па танках біла батарэя...
Гарматнае стагнала жарало...