Адзін, магчыма, крок, не болей...

 

Адзін, магчыма, крок, не болей
Ступіў ты ў вогненны прасцяг, —
Але ў тваіх руках над полем
Узвіўся наш гвардзейскі сцяг.

Звычайны крок. Адзін. Апошні.
А пакаленням ён урок.
Перамаглі мы — знае кожны —
Таму, што ты ступіў свой крок.

I кожны — думай, марай, снамі
Жыве, — вось так ступіць, як ты,
Каб сцяг, узняты ў бітвах намі,
Панеслі ў даль сыны, браты.