Да вайны ва Ушацкім раёне
было 54 тысячы жыхароў,
пасля вайны засталося 20 тысяч.
...Гэта значыць — кожны другі,
і болей...
Гэта значыць — не ўстануць з зямлі ніколі
русавалосыя, сінявокія,
каржакаватыя і высокія
дзядзькі,
жанкі,
хлапчукі —
мае землякі,
мае сваякі...
Колькі тысяч хат не збудавана,
колькі тысяч яблынек
нe палівана!
Столькі бярвевня
напілавана дарма,
такога саду
няма...
Я хаджу па полымю кветак,
па спалавіненым краі лясным...
Колькі ў свеце з'явілася б дзетак,
калі б нараджалі
хоць па адным!
А калі б радавалі і двайняты?..
...На магілах, у гнёздах,
пішчаць птушаняты...