ХАТЫНЬ

 

1
Звон — несціханы, натужны, напяты —
Зводдаль трывожыць прастор-наваколле.
Як кінуць вокам — ні гумнаў, ні хатаў,
Ні дзетвары, ні жытнёвага поля.

Вёскі пазнака — у чорным граніце.
Зрубы-вянцы замест хатаў — бетонныя.
Сонца нязрушна стаіць у зеніце.
Ў нерушнай немачы — ціш навакольная.

Часу застыла смуга-павалока,
Памятку вогненных дзён расскрыжаліла:
Ў бестэрміновай жалобе глыбокай
Звон-напамінак на свет цэлы зладзіла.

Сцішана. Скрушна наўкол. І самотна.
Вечнасць сама тут у смутак агорнена.
З лёсу бядотнага, з долі гаркотнай
Ные-шчыміць зноў у сэрцы расколіна.
………………………………………….
2
Ў неба скрозь замець вясновага рання
Чорнага дыму клубок узвіваецца…
—Дзе ж тое выйсце? Дзе выратаванне? —
Вочы і рукі людскія хапаюцца

За аскалёпак жыцця выратоўны —
Жменю паветра гарача-атрутнага,
Цягнучы рукі увысь малітоўна,
Прагнучы вырвацца з пекла пакутнага.

Плоймы агню спапяляльна-сляпыя
Рвуцца, шугаюць увышу раз’юшана.
Глушацца ў полымі крыкі людскія,
Целы ад болю і жаху пакручаны.

Стогны і енкі ў палаючай пуні…
Голас дзіцячы, адчайна-надрывісты…
Стрэл кулямётны… Здрадлівыя кулі…
Погляд забойцы халодна-ваўчыністы.

Літасці й жалю не ведалі каты —
Племя манкуртава, выпладкі варвараў.
Помсцілі-нішчылі ўсё юданяты
Помстаю жудаснай, лютай, пачварнаю.

Гінулі людзі — жывымі гарэлі
Ў полымі страшным — ні ў чым не павінныя.
Ах, як жа жыць яны прагна хацелі,
Мары снавалі свае сакаліныя!

Песні спявалі — аж свет дзіваваўся! —
Несліся зыкі над ніваю зжатаю.
Не даспявалі… Той спеў абарваўся
З прышлай навалай, з вайною заклятаю.

Доліца скрутная іх напаткала,
Неспагадлівая, злая, каляная,
З першай праталінай, сонцам ласканай,
З першай вадзіцай вясноваю, талаю.
………………………………………………….
3
Звон пераліўны — шчыроўна, упарта —
Будзіць прыспаныя далі лясныя
І з неадольнай і моцай, і гартам
Просіцца ў душы і сэрцы людскія.

Просіцца песня — лясная, жывая —
Не удаваная, не металёвая, —
Песня з майго васільковага краю,
Песня світальная — жаўруковая.

Над скамянелай вайною — у вышы,
Па-над сінечай крыштальна-празрыстаю, —
Будзіць жаўрук весняй раніцай цішу —
Мірную, родную, любую, чыстую.

Спеў мілагучны, да болю знаёмы,
Звонка гучыць над зямлёй не сціхаючы,
Край запаветны, край светлазялёны
Песняй вясны пераможна вітаючы.

Памяць спаўе маё сэрца тугою,
Спеў жаўрука — дасць мне моцы жыццёвае.
Слухаў, здаецца б, абуднай душою
Гэта літанне — за свет — жаўруковае.

Не супыніць гэту цудную песню
Над жыццядайнай адталай праталінай…
Ўпарта, нязмоўкла звініць напрадвесні
Спеў жаўруковы — над памяццю спаленых.

17-19.01.2013