Дзяўчаты ад яго ўсмешкі млелі,
І кожная ўздыхала ўпотай,
Ды адгушкалі светлыя арэлі:
Ваенкамат, камісія і … боты.
Ён не хаваўся па задворках вёскі,
Не выбіраў сабе бясхмарны стан.
Недаравальнай явы адгалоскі…
Як прыгавор: “Служы. Афганістан.”
І ён служыў сумленна і аддана
На той зямлі, што смерць нясла і слёзы.
Як падарунак кожны новы ранак
Сярод пустыні і суровай прозы.
Кудысці знікла чыстая ўсмешка,
Кудысьці радасць знікла. Трэба жыць.
А смерць з пакутамі ўперамешку
Неапраўдальныя нясла крыжы.
Баец з душою шчыраю наросхрыст
Усё маўчаў: ці ў полымя, ці ў ад.
Не па гадах ён стаў зусім дорослым…
Адкуль узяўся той шальны снарад?...
І палыхае месяц у дазоры,
Няўцешна маці плача давідна.
Балюча-страшным пажыццёвым горам
Блукае па задворках цішыня.
Да помніка рачулкай ўецца сцежка,
І фотаздымак у мігценні зор,
Дзе тая незабыўная ўсмешка
Гарыць як вечны, як нямы дакор.