Рыцары

 

Я паміж вамі, як паміж дубкамі,

Бярозанькаю светлаю расла.

Чамусьці першымі

          пасля вайны гадамі

На хлопчыкаў багатай вёсачка была.
Не навучылася я плакаць, не умела,

Вясёлаю, усмешлівай і смелай

Ў ваенных вашых гульнях,

          бойка-ашалелых,

Я радавою з гонарам прайшла.
Не бралі вы урокаў этыкету,

Але з балот,

          ў разводдзе,

                    аж з-за бальшака,

Адзнакай смеласці —

          лотаці букеты

Ў хлапечых сарамяжлівых руках.
Валошкі самай сіняй і рамонкаў белых

Стараліся сабраць мне для вянка,

Мой яблык быў заўсёды самы спелы,

Чарэшні найсмачнейшыя, з вяршка.
А час быў цяжкі. Нас не шкадавала,

Нас абакрала клятая вайна.

Бацькоў забрала. Працы нам хапала —

Бывала, сеяла, арала,

Яшчэ дзіцячая, не дужая рука.
Палуднавалі мы, пакуль драмала чарада.

Абед звычайны — крапіва ці лебяда,

Акрасай бульба (бульбы было мала),

Свой выпадковы скрылік сала

Мне нехта з вас па-рыцарску аддаў.
Раз’ехаліся мы без слоў прызнання.

Вы сонечнымі промнямі

          у кожным маім дні.

І разбіваюцца падманы-заляцанні

Аб пробны камень вашай вышыні.

Ад сэрцаў вашых

          моц, святло Радзімы.

Выходзіце наперарэз ліхім вятрам!

Мае вы хлопчыкі, равеснікі, мужчыны

Я нізка кланяюся вам.