Скрыпка

 

Вайна дагнала
бацьку ўсё-ткі —
He вернуць могілкі назад...
Як успамін, калышуць соткі
Яго не выстуджаны сад.

На шафе ў хаце
млее скрыпка,
Што не скалыміла граша,
He скрыпка гэта, а іскрынка,
Яго гарачая душа.

Вяселле кожнае, радзіны
Яго упрошвалі прыйсці,
Каб ён
сваёю скрыпкай дзіўнай
I неба ў скокі запусціў.

Плылі ў застоллі
хмельна чары,
Ды адступала ўміг сцяна —
Якія ён выкрэсваў чары,
Якія полькі выцінаў!

Прыйшоў з вайны...
Рукой-калекай
Пяшчотна струны варушыў...
I не было найлепшых лекаў
I для рукі, і для душы.

Іграў сваё ён... I відушча
З туману, прывідна, як мань,
Перада мной світала пушча
I разганяла той туман.

Лятаў смычок,
як промні ліній...
Таго б не выказаў язык...
Маўчалі ліўні і яліны,
Лавілі кожны гук і зык...

Было, маркоцілася скрыпка,
Смычок тады —
вастрэй ляза,
I скрыпка плавала, як рыбка,
Па нечым жалі і слязах...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Узяць бы мне...
і хвацкім зухам
Смычком па струнах
паласнуць!..
Ды наступіў мядзведзь
на вуха,
Калі ў маліне я заснуў...

На піяніна вечка скрыпне,
Дачка абудзіць гук спярша...
I чую я: уторыць скрыпка —
Пакутна бацькава душа.