Вакол балота. Востраў Зыслаў.
I траў няскошаных журба.
А ты вартуй і праўду выстай,
Хаця грыміць па ёй пальба.
Я ведаю, што нас не змесяць
Ні бомбы, ні блакад пятля.
Не першы дзень, не першы месяц
Дрыжыць ад выбухаў зямля.
Няхай сярод іржавай твані
Не рай нам, не спакойны кут, —
Ідзе народнае змаганне,
Вяршым над ворагам свой суд.
За ўсё фашысцкі звер заплаціць
Сваёй паганаю крывёй,
За бацькі смерць, за гора маці,
За лютасць і разбой.
Не будзем мы чужынцаў цешыць
I ні асінай, ні сасной,
Не будзем іх на дрэвах вешаць,
Шкада ім роскашы такой.
Бо раззлуюцца нават дрэвы,
Што будзе ім не па сабе,
I поўныя суровым гневам
Адкінуць злыдняў ад сябе.
Ім толькі куля, жвір на вочы.
Пясок халодны без труны.
Зямля і тая неахвоча
Прымала вылюдкаў вайны.
...Шумяць на Зыславе бярозы,
Спяваюць спелыя бары.
Нам вораг заплаціў за слёзы,
За смерць, за кроў, за пустыры.