Вызваленне

 

Гарматы абвясцілі наступленне.
Мы Беларусі неслі вызваленне.
Дзень памірае
Хмуры, невыносны.
Ідзём утрох
Пад каравулам соснаў.

Як вартавы,
Што толькі стаў на пост,
Агледзеў месяц
Вышыню з нябёс.
Рыпіць марозна вузкая сцяжына...
Стаіць між сосен
Ціхая хаціна.

У хату ўнеслі доўгае маўчанне
Суровыя мае аднапалчане.
Тут, пад страхою,
Дзе вайна шугала,
Жыццё над смерцю
Сцяг свой узвышала.

Тут чалавек
На свет з’явіўся сёння
І ўночы закрычаў,
Нібы спрасоння.
Вайна, што ўсё на свеце руйнавала,
Жыццё жанчыне-маці даравала.

У лесе,
У хаціне,
Тут адна
Ляжала занямоглая яна.
Мы ж тут спыніліся,
Сюды прыйшлі,
Прынеслі волю
Мацеркам зямлі.

Салдацкі хлеб
Мы дзелім напалам:
- Вось цукар вам,
Ён не патрэбны нам...

На досвітку
Пайшлі мы ў белы свет,
І нам жанчына
Паглядзела ўслед.

А да жыцця –
Да матчыных грудзей
Цягнулася дзіця
Бліжэй, бліжэй.

Глядзеў на нас,
Пачаўшы светлы век,
Пазбыты гора
Новы чалавек.