Вітаем Вас на сайце беларускай ваеннай паэзіі

Вітаем Вас на сайце, якi прысвечаны беларускай ваеннай паэзіі.

Больш за 60 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адзываецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека. Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір. Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі. І таму тэма Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца адной з важнейшых у беларускай паэзіі і літаратуры.

Імкнучыся замацаваць у народнай памяці трагедыю вайны, мы пастараліся сабраць на нашым сайце найбольш поўную калекцыю твораў беларускіх паэтаў, якія можна лічыць своеасаблівым помнікам загінуўшым на вайне, твораў, якія вучаць нас мужнасці, адвазе, бясстрашнасці, высокай маральнасці, шчырай адданасці Айчыне, змаганню за мір і справядлівасць на ўсёй планеце.

Верш дня

Рана

 

Многа быў я ў баях,
Як узяўся за зброю,
Так здаралася мне —
Думаў, болей не жыць...
Восем ран зажыло,
Я вярнуўся да строю,
Толькі раны адной
Не магу загаіць.

Знаю, сціхнуў бы боль,
Каб напіўся жывіцы
З той крыніцы,
Што смагу таліла не раз,
Каб чабору таго,
Каб тае медуніцы,
Каб паветра з бароў,
Што пад Мінскам у нас.

Сэрца болей нішто
Супакоіць не можа.
Аднаго кожны дзень
Я жадаю ў жыцці:
Каб за сонцам услед
Мне па трупах варожых
Хоць на векалькі крокаў
Наперад прайсці.