Балада пра беленькія чаравічкі

 

На Старым Мясце ў Варшаве
Склепік стаяў невялічкі,
На непрыкметнай выставе —
Беленькія чаравічкі.

Элька прасіла тату:
«Тата, вазьмі пазычку,
Купі мне, каханы, на свята
Беленькія чаравічкі».

Грошы мізэрныя тата,
З завода прыйшоўшы, лічыць,
Купляе Эльцы на свята
Беленькія чаравічкі.

Колькі было ў яе шчасця!..
Колькі было пацехі!..
Гойсаў па Старым Мясце
Стук чаравічкаў рэхам...

Навошта вайна ў Варшаву
Ботам каваным крочыць?!
Навошта ідуць аблавай
Фашысты ў кварталы рабочых?!

Беленькія чаравічкі —
Тут і сказаць немагчыма!..
Элька тату кліча
З камеры Асвянціма...

Біўся я ў партызанах
За люду польскага шчасце,
Кроўю ў Варшаўскім паўстанні
Сплываў я на Старым Мясце,

Беленькія чаравічкі...
Смуткам цвітуць незабудкі...
Маўчыць Асвенцім трагічны
Рыжаю грудай абутку,

Стаю перад ёю,
Грудзі
Немым сціскае клічам:
Глядзяць на мяне з той груды
Два беленькія чаравічкі...