Пакружыўся над Хатынню бусел
сонечна-пагодлівай вясною:
каміны стаяць. І людзі ў скрусе.
А нідзе хаціны ні адной.
Заміраюць галасы людскія,
гукі абуджальнае вясны,
і плывуць трывожныя такія,
тонкія жалобныя званы.
Пакружыўся над Хатынню бусел
і паплыў у светлую смугу.
Ён не ведаў болю Беларусі,
пэўна ж, ён адчуў яе тугу.
Пакружыўся бусел над Хатынню
і ў смузе пад воблакамі знік.
Папялішча ўсё яшчэ не стыне,
і ў грудзях не замірае крык.