Дынамік

 

Ён пасіпеў, пахрыпеў і змоўк.
Болей нічога сказаць не змог.
Падышла старая, паслухала.
«Што гэта сёння з ім?»
Падышла бліжэй, пастукала.
«Маўчыць, не гаворыць зусім».
Хуценька ў печы дапаліла,
трохі прыбрала, падмяла.
Пайшла вуліцай тапалінай
у другі канец сяла.
Кажа ўсім: «Іду да радзіста.
Нешта радзіва маўчыць».
А ў радыста сын нарадзіўся,
сын нарадзіўся і крычыць.
«У вас весела, — кажа старая. —
Гэта добра, што сынок.
Бач, крычыць як, як стараецца...
Галасісты крыкунок.
Так крычаў і мой малодшанькі,
што забілі на вайне...
Бач, выпроствае аж ножанькі.
Імя выбралі ці не?
Так крычаў і мой сярэдненькі,
не вярнуўся што з партызан...
Бач, які галасок сярэбранькі!
Слаўны, слаўненькі пацан!
А старэйшы быў ціхоня.
Як радзіўся — спаў і спаў...
Можа, дзе жыве і сягоння,
раз без весткі ён прапаў?
Hi сынкоў няма, нікога.
Толькі радзіва адно.
Толькі радзіва — мне падмога.
Што б рабіла, каб не яно?
I пагаворыць, і паспявае,
добрай ночы жадае мне.
I паплачам з ім, бывае,
як успомнім аб вайне.
Ды здарылася з ім штосьці,
не гаворыць яно зусім.
Падбяжы як-небудзь, Косця,
паглядзі, што гэта з ім.
Дык падыдзеш?
Пастарайся...
Добра у вас, ды я пайшла».
I пайшла дамоў старая,
У другі канец сяла.