Пад стукі вагонных калёс...

 

Пад стукі вагонных калёс
аб тых, незнаёмы чый лёс,
аб новых дарогах-шляхах,
нязведаных далях-краях
узрушана думаецца.

Пад ціхае плёсканне хваль
зарэчная мроіцца даль, —
аб чымсь запаветным, сваім,
аднойчы забытым зусім
спакойна думаецца.

Пад посвіст зімовых завей
аб дружбе, з якою цяплей,
аб тых, хто ў дарозе брыдзе,
аб новай вясне, што ідзе,
хораша думаецца.

Пад весні зялёны шум
праходзяць турботы і сум, —
аб светлых з'явах зямных,
аб добрых справах людскіх
радасна думаецца.

I толькі калі кругом
грукоча далёкі гром,
аб лютай, жахлівай вайне,
з дзяцінства што помніцца мне,
трывожна думаецца.