Лес заснаваў надоўга сны,
Старым нічога не забыта.
Гараць агеньчыкі вясны
Балючым полымем блакіту.
А неба чыстае ўгары,
Як васількі.
Заткана сінню.
Нібыта полымя гарыць
Лясных цюльпанаў пад Хатынню.
Цвіце на ўзгорках сон-трава,
Яе пялёсткі не самкнуцца.
Як вачанятаў сінява,
Якія сонечна смяюцца.
Чакаюць кожнаю вясной
I спадзяюцца, што убачаць:
Ім ранак вынесе з-за хвой
Званочкі галасоў дзіцячых.
Яны не гаснуць з той пары,
Як адкацілася навала.
Зязюля шэрая ў бары
Усіх, усіх адкукавала.