Людзі без смерці

 

Васілю Быкаву

Гэта — зноў вяртаюцца ў строй
думкі, гнеў і гонар сяброў,
скошаных куляй насмерць...
Абарваны іх шчыры смех.

Як цяпер, стаяць у вачах
прад аглухлым скрываўленым раннем
з неадступным на вуснах пытаннем:
а ці маеш ты права маўчаць?

Гаварыць —
не дужых пацешыць.
Зубы сцяць!
Як сябры маладыя хацелі
не халодных пліт ад жыцця!

Што ім помнікі на вякі!
На струхлелых касцях вянкі
не ажывяць магільных сноў.
Дакрануцца б да цёплай рукі.
На дасвецці збіраць васількі
па дрыготкай буйной збажыне.
Аж да столі гушкаць сыноў,
за якіх паляглі на вайне.

Гаварыць.
Лішніх слёз не ліць.
Памяць не любіць слёз.
Заклінаць,
каб нашчадкаў зямлі
абмінуў непапраўны лёс.

Зноў вяртацца да сэрцаў мужных,
што пакрочылі строем у вечнасць:
ці прымалі яны двурушных?
Ці даруюць нам бессардэчнасць?

...He сагрэць магілу сырую.
Мёртвы воін не мае сэрца.
Мёртвы воін табе не даруе
здраду праўдзе і после смерці.

Маеш права на спогадзь, на жаль,
на ваганне, змаганне з сабой...
Кінуць лёс на лязо нажа...
Справядлівы адвечны бой.