Прыйду сюды адзін маўклівай ноччу,
Калі раскіне цемень свой шацёр.
Нібыта мой сігнал чакае лётчык,
Запальваю аж да нябёс касцёр.
Вакол пасталі сосны ў дазоры...
Мне полымя вышэй узняць карціць,
Хоць ведаю, што ён, чырваназоры,
З гадоў грымотных зноў не прыляціць.
Падкладваю ў агонь сушняк старанна,
З травой, з сівым туманам гавару,
Пакуль касцёр, што ўзняўся над палянай,
Не перальецца раптам у зару.