Заходні вецер з нетраў баравых
нясе з сабой пажоўклыя лісты,
нясе, цярушыць на падзол сівы,
на ўзгорак безымянны і круты,
што павуціннем аплялі драты.
Лісты лажацца, як гарачы жар,
на вочы змораных байцоў, на твар.
Пачуўшы дотык вераснёвых крыл,
як дотык чулай матчынай рукі,
сваіх вачэй не зможаш не адкрыць.
I, ўбачыўшы лісты бяроз, ракіт,
успомніш край пакінуты, ў якім
яны раслі, з якіх шляхоў, палос
у твой акоп іх сухавей занёс.
На іх не вераснёвых зор сляды,
а кроў сясцёр, закатаваных кроў,
і папялішчаў неастыўшых дым,
і зарава палаючых лясоў.
Няхай для паўшых — гэта ліст вянкоў,
для нас – жывых – прывет з святой зямлі,
дзе мы таксама некалі раслі.
Ноч ападае, шалясцяць лісты.
Курлыкаюць у небе журавы.
І, бы ўздагон, успыхнуў залаты
прамень ракеты. Праз туман сівы
мо’ знак хто даў ім, каб на паплавы
яны вярталіся да родных гнёзд, дамоў,
куды з баямі батальён ішоў.