Перакройванне шыняля

 

— Нешта вы, маці, сыноўскі
Шынель гэты доўга хавалі.
Зараз прыкіну,
Што можна пашыць з яго
Вашаму ўнуку.
Вось толькі шкада,
Мо недзе ля печы
Рукаў асмаліла...

— Не, у той дзень наша вёска гарэла...

— Ну, я памяркую, прыкіну.
Ды тут і крысо, зачапіўшыся,
Нехта падзёр на цвіку.

— Не, гэта — на дроце калючым...

— Тут можна было б падтачыць.
Вось толькі на самых грудзях
Невялічкая дзірка ад молі...

— Не, гэта ад кулі...