Над Дзвіной бессмяротнасці помнік стаіць,
Ён насыпан людскімі рукамі.
Ля падножжа агонь вечнай славы гарыць
І не згасне агонь той вякамі.
Палачане курган той узводзіць ішлі
З кожнай вуліцы, з кожнага дома
І прыносілі жмені свяшчэннай зямлі
З невядомых магіл і вядомых.
Не забыць, як бабулька прынесла зямлі
У хусціны з-пад самага Мінска.
І былыя байцы, што вайну ўсю прайшлі,
Перад маці схіляліся нізка.
Наплываюць з нізін на курган туманы,
Задуменныя сосны гамоняць.
Аб героях паснуўшіх спяваюць яны
І аб тым, што жывыя іх помняць.
Хай жа гэтая песня сягоння ляціць
Над квітнеючым Полацкім краем.
І герояў заўсёды дастойнымі быць
Мы, Радзіма, табе прысягаем.