Нізка хмары плывуць над зямлёю,
Бор аб нечым маркотна гудзе.
Патаемнай сцяжынкай лясною
Партызан у разведку ідзе.
Трэба звесткі здабыць для атрада,
Шмат варожых прайсці перашкод.
Партызану ж зусім небагата,
Партызану шаснаццаты год.
Хутка родныя будуць абшары:
Вось і хата, і цёплы пакой.
На хвілінку к пяшчотнаму твару,
Як раней, прытуліўся шчакой.
І ад стомы закрыліся вочы,
Галавой да падушкі прыпаў.
Не заснула матуля той ноччу,
Але здраднік таксама не спаў.
Немцы крадуцца полем да хаты,
— Уставай жа з пасцелі, сынок.
Прабірайся балотам да таты,
Абыходзь супастатаў здалёк.
У вачах пахіснуліся травы,
Зазвінелі, нібыта званы…
Партызанскі хлапчук пахаваны
З той пары на паляне ў бары.
Шэпча лес над магілай хлапечай,
Кветак шмат на паляне цвіце,
Салавейка вясною шчабеча
І тужліва зязюля куе.
Памяці Віці Сітніцы