Пашанцавала мне з табой, Радзiма

 

Калі парадны строй праходзіць міма,
Там крочыць нехта іншы, а не я.
Не я абараняў цябе, Радзіма,
Табе не дапамог я аніяк.

У час, калі стагнала ты ад болю,
Мяне яшчэ на свеце не было.
Якую ты прызначыла мне ролю?
За што спакой мне дорыш і цяпло?

Губляла ты сыноў сваіх і дочак
У жудасныя, цяжкія часы.
Абпалены быў кожны твой куточак,
Ты доўгі час не бачыла расы.

Зямля мая, ты выплакала слёзы,
Не трэба больш ні плакаць, ні стагнаць.
Тваіх дзяцей загубленыя лёсы
Нашчадкаў будуць назаўжды яднаць.

Я разумею: мір у нас не дарам,
Дзеля яго змагаліся дзяды.
Ім дзякуючы, мы жывем, мы марым
Пакінуць толькі добрыя сляды.

Не бачыў я крыві, не бачыў дыму,
Загінуўшых не чую галасы.
Пашанцавала мне з табой, Радзіма,
Я твой удзячны сын на ўсе часы.

27.05.2015