Дзень велікодны.
З самагоннай,
Уяўнай злосцю галасоў
Мужчыны вешалі “пагоны”
Адзін адному да тузоў.
А аднаногі,
Захмялелы
Аднавяскоўцаў прыпыняў,
Гаворкі прагнучы.
Мялела
Вачэй самотных глыбіня.
Адзіны сведка –
Кот куртаты
Сачыў з цікаўнасцю ката,
Як чалавек
На пальцах даты
Жыцця пражытага гартаў.
І, як у куфаль
Мутнай брагі,
Упала крыўда
З п’яных губ:
- Мне ў еты самы дзень...
Пад Прагай
Засукаваціла нагу...