Арлінае племя
Памяці воінаў-чыгуначнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, у гонар якіх у Лідзе восенню 2008 года быў устаноўлены памятны знак-паравоз
На фронт з завода і раллі
пайшлі, “Бывай!” прамовіўшы.
Чыгуначнікі перайшлі
ў ваеннае становішча.
Чыгуначнік у Армію
Чырвоную залічаны –
яму заданні ўдарныя
да баявых набліжаны.
Фашыст, драпежны, бы шчупак,
ім не навее боязь –
у бой з фашыстам уступаў
браніраваны поезд.
“Куды наш горад дзенецца?!”
Яны былі ў гатоўнасці –
вывозілі насельніцтва,
вывозілі каштоўнасці.
Ты перавозкі забяспеч
ва ўмовах дужа лютых!
Павінен да байцоў паспець,
даехаць у пару ты!
Падвозілі патрэбнае
яны да фронту лініі –
радкі пішы хвалебныя
пра племя іх арлінае!
Падпольшчыкамі кіраваў
Клімко, дэповец-слесар, –
і крыльцы гэты галава
агрэсару падрэзаў.
Ім з “Іскры” дастаўляліся
і міны, і ўзрыўчатка,
каб на вузле здаралася
шмат для чужынцаў жахаў.
На станцыях ды на вузлах
праводзілі дыверсіі.
Асколкамі дарогу ўслаць
да Перамогі дзверцаў ім!
Яны падпальвалі дэпо
і паязды ўзрывалі…
Байцы, чыгуначнік, з табой
фашызму гразь змывалі!
І ад цябе знайшоў капец
фашызм, крывёй заплямлены!..
У Лідзе ў памяць аб табе
ўстаноўлены знак памятны.
Хавалі травеньскім дзяньком
фашысцкую махіну.
І пад ваенным цягніком
яна знайшла магілу.