Шаноўны цыган Вайдаловіч
Памяці цыганоў-ахвяр фашызму
Стары цыган-гарманіст Вайдаловіч быў расстраляны фашыстамі ў 1942 годзе ў ліку многіх іншых вязняў Лідскага гета за тое, што адмовіўся іграць для нямецкіх салдат.
Жыў у Малэйкаўшчызне табар.
Там весяліліся няслаба.
Распальвалі агонь увечар,
цыганкі гатавалі ежу,
і галаву цыган не вешаў,
і весялосць не мела межаў.
Спявалі, танчылі, гулялі.
Гармоні весела гучалі.
Працяглыя, змаўкалі позна
і музыка, і спеў здаровы.
Граў на гармоні віртуозна
цыган шаноўны – Вайдаловіч.
Яго ігра ўсіх захапляла,
вяскоўцаў сэрцы пакарала…
Вайна прыйшла – і акупанты
загналі ў гета цыганоў.
Сказалі майстру граць: “Цыган, ты
ў ігры высока сігануў!
У нашым казіно салдацкім
за грошы добрыя іграй,
за нашы весялі падачкі!
Табе мы абяцаем рай!
Табе жыццё мы захаваем
ды грошы добрыя адвалім!”
Ды поўны годнасці музыка
адмовіўся іграць для фрыцаў.
На цыгана захопнік зыкаў.
Па твары мяккім гнеў разліўся.
“Не будзеш, дзед, жывы і цэлы –
лёс супляменнікаў падзеліш!”…
Няшчасных з гета выганялі
фашысты пад сабачы брэх.
З яўрэямі ды цыганамі
вялі старога на расстрэл.
Вялі фашысты гарманіста,
які адмовіўся іграць.
Яго рашэнню не змяніцца –
не зменіць і свінцовы град…