Франтавыя ластаўкі
З этыкетак тоненькіх,
для пісання годненькіх,
для бацькоў, для Насценькі –
пісьмы-трохвугольнікі,
франтавыя ластаўкі.
Цяжкасці з папераю,
цяжкасці з канвертамі,
ды салдаты ўмелыя,
як абгортку белую
прыстасоўваць, ведалі.
Пішуць на газетачках,
на мяшках з паперачкі
для любімых дзетачак,
для каханай Светачкі,
для каханай Верачкі.
“Прывітанне, родныя!..
Мы тут не галодныя –
кормяць нас як волатаў…
Маю ўзнагароды я…
Помсціць буду ворагам!..”
Тыл чакае “ластавак”…
Пісьмы перачытваюць:
мужа, сына, братава.
Ліст чаканы радаваў
у вайну Айчынную.
Ліст з радкамі роўнымі.
Ліст радкі запоўнілі
тых, хто Май выкоўвалі.
Словы ўсе запомнілі.
Пісьмы ўсе захоўвалі.
Над сынамі, дочкамі,
з крыламі-лісточкамі,
спісанымі роднымі,
“ластаўкі” з радочкамі,
а не з пер’ем “лёталі”.