Хмары ліхалецця

 

Хмары ліхалецця
Памяці расстраляных фашыстамі 23 ліпеня 1941 года 42 яўрэяў з вёскі Сялец Лідскага раёна
Раніцой прыехалі ў Сялец
дзве машыны, крытыя брызентам, –
і сягоння ў хатах не сядзець –
у зямлі ляжаць яўрэйскім сем’ям.

Вылезлі эсэсаўцы з машын,
чэрапы ў эсэсаўцаў на форме –
і таму дзяцей, жанчын, мужчын
добрае не ўсцешыла надвор’е.

З перапуду стала пазяхаць
дзіцяня, на боязь не скупое.
Павыводзілі яўрэяў з хат
і пагналі праз чыгунку, поле.

Прывялі няшчасных на “лужок”,
дзе кароў выпасваюць сяляне.
Мімаволі ўбачыў пастушок,
як яўрэяў спешна расстралялі…

Ліхалецця хмары адплывуць –
і ад міру сонца пацяплее…
У сялецкіх хатах не жывуць –
у магіле брацкай спяць яўрэі.