Ляцелі пахавальныя —
Вайне лісты пахвальныя,
Што так яна стараецца,
Што столькі забіваецца...
Ляцелі над Еўропаю,
Кружыліся над Азіяй —
Лісты, лісты жалобныя
З казённаю аказіяй.
Ляцелі, роспач будзячы,
З вайны — штодзённа — падалі,
Як лісце з кроны будучых
Стагоддзяў неразгаданых.
Стагоддзяў ненароджаных,
Ад свету адгароджаных.
Стагоддзяў з вечнай тайнай,
Стагоддзяў непачатых.
Стагоддзяў, растаптаных
Пятой цяжкіх пячатак.