З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
I выглядалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
«Прапаў без вестак...»
Сябры пасмуткавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
He вернецца... Знаць, лёс яе такі...
Ды толькі сын для маці не загінуў.
Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
I высушыць на родным твары слёзы.
Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,
гамоніць з імі,
плача і ўздыхае...
I ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: «Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне... Чакай!..»
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.