Мост праз Нёман
Ля шашы Ліда – Бярозаўка, за мастом праз Нёман, стаіць помнік у выглядзе жанчыны-маці з забітым юнаком на руках. Ён пастаўлены ў памяць аб расстраляных у 1941 годзе фашыстамі палонных чырвонаармейцах, якія будавалі мост.
Халодныя хвалі кацілі
вятры пад гучанне грымот.
Даўно ў Агародніках ціхіх
праз Нёман пракладзены мост.
Фашысты на ўсход павалілі.
Каб ворага стрымліваць моц,
чырвонаармейцы спалілі,
на ўсход адступаючы, мост.
Дарогі фашыстаў пралягуць
на Мінск, на Расію наўпрост.
На ўсход стратэгічнага шляху
важнейшага частка – той мост.
Паваляць фашыстаў калоны
да самай Масквы ў поўны рост.
Прыгналі ваеннапалонных –
яны адбудоўваюць мост.
Палоннымі немец кіруе,
выносіць уцёклым прысуд.
Галодныя, бульбу сырую
палонныя прагна грызуць.
Спыняецца ўвечар работа.
Агонь выдзяляе цяпло –
гатуецца бульба… Ды ботам
пінае фашыст кацялок.
“Шпарчэй жа, сабака, рабі ты!” –
нямецкі скамандаваў пан.
Ядлоўцавай палкай пабіты,
палонны зняможаны ўпаў.
На беразе Нёмана немцы
расстрэльваюць самых слабых –
і цяжка ў вяскоўца на сэрцы
ад громападобнай стральбы.
Палонных тых частка спачыла
ад спуску фашыстам курка…
Сягоння тут помнік – жанчына
з забітым хлапцом на руках.
Смуткуе яна, як жывая.
Магіла тут брацкая ёсць,
пакутнікі ў ёй спачываюць,
якія пракладвалі мост.