На абарону

 

Грымяць гарматы ўдзень і ўночы,
Зямля палошчацца ў агні,
Крывавы жах па свеце крочыць,
Паўстаўшы з чорнай глыбіні.

Драпежны звер аскаліў зубы,
А побач з ім брыдзе шкілет.
Шукае Гітлер свае згубы,
I згіне наглы людаед.

Яму крыві пралітай мала —
Разбойнік прагне больш ахвяр,
Змяіным ядам вострыць джала
Сусветны злодзей і махляр.

I ноччу з ім плывуць пажары,
Няволя, біч і грабяжы.
Як саранча, паўзуць пачвары
На нашы гоні, рубяжы.

Але не доўга дзікім гунам
Чыніць крывавы свой разгул:
Я чую — робяць людзі труны,
Куюць ланцуг для калігул.

Мы не схіснуліся пад бурай,
Навалай дзікае арды.
Бандыт заплаціць сваёй скурай
За нашы сёлы, гарады.

Вышэй, ярчэй узнімем молат,
Распалім горны гарачэй.
На абарону, мой люд-волат!
Удар па ворагу ямчэй!