Партызанская газета
Да 80-годдзя “Лідскай газеты”
У 1943-1944 гг., да самага вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, газета “Уперад” (папярэдніца “Лідскай газеты”) выдавалася падпольна. Друкаванае слова таксама сыграла сваю ролю ў барацьбе з ворагам і набліжэнні Перамогі.
Там, дзе кормяцца-жыруюць
вепручыхі з вепрукамі,
Коган і Драгун шчыруюць
у пушчанскай у друкарні.
Узбадзёрыць, як какава,
асвяжыць, нібы квас летам,
орган партыі гаркама –
партызанская газета.
У густым лясным масіве
пішуць хроніку падзей.
“Ударай, народны мсцівец,
па захопніку мацней!”
Заклікаюць да вайнішчы
(сэнс у заклікаў прамы):
“Паравозы, сувязь знішчы!
Гарнізоны разграмі!”
Верцяцца ў падзейным віхры
на пагібелі мяжы.
“Прапаганду фрыцаў выкрый!
Папярэдзь! Дапамажы!”
Лёс угнанага ды вязня…
Зрыў мабілізацыі…
Ворагі да катавання
зычаць дапісацца ім.
Поспех Арміі Чырвонай
і супраціўлення рух…
“Вораг, уцякай жывёлай
у Германію-нару!
З Беларусі партызанскай
у Германію ўцякай!..”
І пяром, Саюз ды Захад,
Перамогі дасягай!