Пляма ганьбы
Памяці каля 200 яўрэяў і цыганоў, расстраляных фашыстамі ў жніўні 1943 года ў раёне сённяшняй вуліцы Рыбіноўскага ў Лідзе.
Крок немец паскарае.
Задзёрта галава.
Бароўка. Лесу ўскраек.
Пажухлая трава.
Вялізарная яма
ды жоўценькі пясок.
На немцы – ганьба-пляма.
Нажышчы – кілбасой.
А цвёрды лоб ягоны –
бы камень, бы арэх.
Цыган, яўрэяў гоніць.
Каманды, лямант, брэх.
Твар – нібы высякалі,
у ледзяных танах.
Няшчасных з вузялкамі
да ямы падагнаў.
Свінцом фрыц палівае
яўрэяў, цыганоў –
іх жыцці абрывае
агнём, агнём, агнём…
Зямлёй засыпаў яму
ды вапнаю фашыст…
Захопнік, ганьбы пляму
ты паспрабуй адчысць!
Абарваліся жыцці
пад кіпцямі звяроў –
ты пляму не адчысціш
і не адмыеш кроў!