Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін
Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах
І тужылі тугою магіл і краін
Па табе, залатая вясна перамогі.
Нашы дрэвы, і кветкі, і дзеці, і сны
Летуцелі даўно аб табе недацветам, —
Ані разу яшчэ так пакутна вясны
Не чакаў чалавек, покуль свет гэты светам.
Вочы дым выядаў, лісце вянула дрэў,
Апякалі зямлю і душу бліскавіцы.
Чорным полымем ранак вясновы гарэў,
Рассыпалася ў попел гарачы травіца.
І тады — успаміны халодным асцём,
Як запалы нянавісці, ўпіліся ў сэрца, —
Кожны кінуцца мог за Радзімы жыццё
І ўзарвацца гранатай пад крокамі смерці.
Выбухалі і песні, і сэрцы, як тол.
Смерць, губляючы косці, назад адпаўзала
Праз магілы ахвярныя нашых братоў,
Праз руін гарады, цені сёл і вакзалаў.
Мы, як гнеў, неадступныя, следам ішлі,
Задыхаліся ў ярасных бітвах, пагонях, —
І астаўся за намі дым родных сяліб
І вайной узараныя родныя гоні.
Чорным саванам клалася злая зямля,
Што ў пяшчэрах сваіх смерць таіла спрадвеку
І атрутай паіла калоссе ў палях,
І нянавісць радзіла, як хлеб, чалавеку.
Праклялі яе нашы гарматы наскрозь —
Ад Мазурскіх азёр да самога Берліна,
Покуль сонечным ранкам, няўмольным, як лёс,
Не ўвайшла наша помста на Унтэр-дэн-Ліндэн.
Кожны з нас тады лёгка, глыбока ўздыхнуў.
Задзівіліся ўсе: ціхі гэтакі ранак...
І пазналі яе, залатую вясну,
Аж занылі ад радасці даўнія раны.