Хлопцы

 

Перадай, сасна, сасне —
Немцам будзе блага:
Не задрэмле, не засне
Партызанскі лагер.

Расшумеўся цёмны лес
Над маўклівым логам —
Ходзяць хлопцы па сяле,
Ходзяць па дарогах.

Сосны тут адна ў адну
Высяцца, як вежы, —
Не прайсці, не абмінуць
Немцу нашых сцежак.

Вее вецер на бары,
Сосны кучаравіць —
Не ўдасца немчуры
Ні адна аблава.

Навакол бароў — палі,
А праз поле сцежка.
Хочаш, фрыц, сяло спаліць —
Моцна апячэшся.

Зя палямі — сенажаць,
Пах стаіць мурожны.
Хоча немец не дрыжаць,
Хоча — ды не можа.

Вось і вёска на відку,
Каля хаты хата.
У вінтоўку — дзесяць куль,
За рамнём — гранаты.

Ловіць фрыц гусей ля хат,
Цягне фрыц падушкі —
Партызанскі аўтамат
Сочыць гнеўнай мушкай.

Як махне наш камандзір, —
Немцаў — быццам здула.
Колькі немцаў — столькі дзір
І расходу ў кулях.

Кожны раз, калі бяда,
Хлопцы абароняць —
Будуць немцаў аглядаць
Чорныя вароны.

І на захад і на ўсход
Ад Дняпра да Нёмна
Славіць хлопцаў наш народ,
Наша песня помніць.