Сяўба (Беларуская балада. XX стагоддзе)

 

На папялішчы, на пачарнелым
Яна сядзела — жанчына ў белым;
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку,
Ля галавешак — былога ганка —
Сядзела ў одуме партызанка.
А навакола вясна буяла,
Трава пад попелам бушавала,
Трава рассоўвала ўбок вуголле —
Жыццё ірвалася зноў на волю.
I ўжо фашыстаў — нідзе, нікога,
Ідзе, вяселіцца перамога,
I ёю пахне усё на свеце:
Лісцё і неба, зямля і вецер,
I папялішча, дзе каля ганка
Сядзіць у одуме партызанка.
А на каленях — дзіцячай жменькай —
Ляжыць вузельчык, такі маленькі,
Сабралі крошак цэлую жменю,
Ды толькі позна — дзяўчо згарэла...
Таму сягоння на пачарнелым
На папялішчы вясновым ранкам
Сядзіць самотная партызанка...
А з вузялочка, што у прыполе,
Зярняты прагнуць упасці долу —
Як цягне, цягне іх да зямліцы,
Каб абудзіцца, праз дзёрн прабіцца!
Вось партызанка ўзнімае вочы,
Яна развязвае вузялочак,
Нібы пупышка — набухлы гэткі...
— Ўзыходзьце, кветкі, буяйце, кветкі!
He асыпайцеся вы ніколі —
Перамажыце той чорны колер,
Які зялёным, вясновым ранкам
Сустрэў няветліва партызанку.
А калі можаце — хоць бы трошкі! —
I вы ўзыдзіце, хлебныя крошкі.
Як будзе голад — і ўдзень і ўночы
Хай лазяць дзеці у мой гародчык!
Яшчэ прашу я — ўзыходзь, табака!
Я зацягнуся табой са смакам,
Бо я прывыкла курыць задужа —
Куру за сына, куру за мужа...
I толькі порах — мой даўні вораг,
He узыходзь, не дамешвай гора!
Звяжыце моцна яго, карэнні, —
Хай задыхнецца ў зямных скляпеннях...
На папялішчы на пачарнелым
Яна хадзіла — жанчына ў белым...
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку.
Ля галавешак — былога ганка —
Кветкі сеяла партызанка.