Гарады, якіх няма

 

Мінску — зруйнаванаму вайною
і адбудаванаму нанава

Яшчэ і сёння
Рыпяць масніцы
У даваенных вашых дамах.
Яшчэ і сёння пад'ездам сніцца
Спакойных кветак спакойны пах.

Яшчэ і сёння —
Насцеж балконы:
Не зачыняліся з таго дня.
I грамафоны, і патэфоны
З даваеннага лета звіняць.

Там яшчэ й сёння
Гуляюць дзеці
У даваенную, тую вайну.
Набіты паркі. У мірным леце
Не заўважаюць шчэ цішыню.

Заходзіць сонца —
Чуеце, шорах?
Салдаты мірна кладуцца спаць.
Засынаюць за горадам горад,
Раніцою якім не ўстаць.

Мы нават чуем,
Як госці звоняць
У даваенных гэтых дамах;
I прачынаемся нават сёння
У гарадах,
каторых няма.