Зялёны ліст

 

Глядзіце, смяротнікі,
Як у бучныя, зялёныя травы
Падае сонца збалелаю ранай;
Глядзіце і помніце:
Недзе ўзыходзіць вось зараз іскрысты,
няпуджаны ранак.
Бяжыце!
Туды вы ў трызненні бяжыце,
Дзе перапёлкі купаюцца ў жыце.
Расою свой твар асвяжыце
I зноў,
Хоць у думках, бяжыце,
На волю ўсе вы бяжыце, —
Ангел, Бранко, Курт, Жуль, Іван,
Іржы, Костусь, Алекса, Хаім, Юліуш,
Шандар і іншыя сотні тысяч...
А тут,
Бы ў калодзежы, дротам калючым аплеценым
(Ён лагерам смерці завецца),
Падзелена ўсё па-братэрску,
Што магло толькі ў роце халодным сагрэцца:
Карэнне, лісцё і галіны,
Кара і нават крыло матылінае...
А болей, як вокам звесці,
Няма на што птушцы прысесці —
Няма зеляніны...
I толькі зялёным зацьменнем
Так і лезе ў галоднае вока
Дрэва,
Якое ў канцлагеры на галінах, як на падносе,
высока
Зялёную ежу трымае ў аблоках,
На якое ў лісцё садзяцца,
Бы птушкі, галодныя думкі ўсіх;
I якое
Як сімвал пакінулі людзі-пакутнікі,
Пакінулі ў вечным спакоі,
Нібыта святое, —
На ім ні лістка не з'едзена...
Казалі,
Што тлумнага веку самоту
Рассейвала дрэва гэтае немцу вялікаму — Гётэ.
I дрэва стаяла някранутым
Сярод памутнення фашысцкага,
быццам бы крэпасць стаяла.
I пад сцягам зялёным жыцця,
Нямецкае,
Супраць немцаў яно ваявала...
На ноч прызначалі смяротнікі
Да дрэва галодную варту —
Калі усе спаць палягуць,
Каб ніхто ў забыцці не з'еў
Нават лісточка з зялёнага гэтага сцяга.
Трымалі той сцяг упарта
I самі за сцяг трымаліся, каб небасхіл не хістаўся...
А побач дзяўчынка малая
Ляжала на мяккай, рукамі ўскапанай пасцелі.
Прывезлі дзяўчынку адтуль,
Дзе з краіны зялёнай зрабілі канцлагер суцэльны,
Дзе птушкі даўней гняздзіліся
у ціхім ласкавым лесе, —
Прывезлі дзяўчынку Алесю.
Трызніла ежай дзяўчынка:
— Мама, налі мне клёцак...
Поўную місу трэба...
Мама, дай куляшу...
Сарві мне з дрэва хоць ліст —
яблык я ўжо не прашу...
Я есці хачу... А наша дзяжа насыцістая
Чамусьці не мае хлеба...
Мам, хадзем у наш агарод, дзе морквы,
я знаю, багата...
Мама, гарыць наша хата!
I маму дзяўбе, кусае зяўло аўтамата...
Тата!..
Адгані аваднёў, якія дзуняць і дзуняць
над маёй галавою...
Дзе вы ўсе?..
Мо пазаснулі?..
Лісток... Смачны лісток... I авадні...
— Ціха, дзяўчынка, то кулі.
Над трызненнем галоднай дзяўчынкі
Нагнуліся тысячы татаў свету.
Што ж вы так стаіцё?
Збірайце ціхую братчыну — пачастунак у складчыну.
У вас выйдзе няблага гэта:
Ты, лесаруб, даставай тую хлебную крошку,
што засталася ад зайцава хлеба (яго ты
вёз сыну!) і згубілася недзе ў кішэні;
Ты, араты, страсай попел з печанай некалі
бульбы ў полі, якім яшчэ й сёння абсыпаны
твае акучнікі-жмені;
Ты, цесля, асцярожна дабаў першага паху
улазінаў, які яшчэ і сёння не выветрыўся
з тваіх валасоў-праменняў;
Ты, пекар, сюды дакладзі пах свежага даваеннага
хлеба, якім шчэ і сёння пахнуць
увесь ты павінны;
А калі ў вас нічога не захавалася,
Тады ў братчыну смела кладзіце
Вы свае даваенныя успаміны,
Ангел, Бранко, Курт, Жуль, Іван,
Іржы, Костусь, Алекса, Хаім, Юліуш,
Шандар і іншыя сотні тысяч...
Праўда, і гэтай складчыне
Нестае ўсё роўна чагосьці.
Чаго ж гэта ёй не хапае?..
Пэўна, ліста зялёнага...
Вунь яго вецер за дротам паціху гайдае, гайдае...
Курт, куды ты?!
Хіба ты не бачыш, як з вышкі драпежна
На яго аўтамат пазірае?..
— Не яблык прашу... Дайце... мне... ліст...
I за Куртам ланцуг худых рук спяшае.
Гайдаецца ліст.
Рука ўжо за дротам калючым.
Яна зрывае зялёны,
Сабраўшы сілы астатак,
I перадае другой,
А другая — трэцяй,
Трэцяя — пятай, дзесятай...
За лістом спяшаюцца стрэлы —
Колькі рук прайшоў ліст, лічыць варта
Сваім аўтаматам.
Ліст зялёны!
Ты страшнай мяжою зрабіўся —
Між жыцця і смерці асновай,
Перадавалі цябе, як апошні уздых,
Як апошні пагляд,
Як апошняе слова.
I падалі, да зямлі прыбітыя кулямі.
А ліст ішоў далей і далей...
Ён ужо у Алесі ў руках:
— Які смачны ліст гэты, дзядзі!
Стрэл...
I ў гэтую радасць фашысты папалі...
Мёртвыя свету!
Пацясніцеся крышку —
дайце месца маленькай дзяўчынцы.
Ёй месца многа не трэба...
Нават з лістом — яе зялёным гасцінцам...
Я вас прашу пацясніцца,
Ангел, Бранко, Курт, Жуль, Іван,
Іржы, Костусь, Алекса, Хаім, Юліуш,
Шандар і іншыя сотні тысяч...
Хай з вамі яна страчае
Ранкі пад цёплым вясновым сугрэвам —
Гэты лісток,
Галінка,
Якая ніколі-ніколі не будзе зялёным дрэвам.