Ax, колькі ў зрэнках пораху і сіні
Праграмыхаў і — пакаціўся фронт,
I ты — збавіцель — прамільгнуў з усімі,
Свой жаркі крок панёс за гарызонт.
I на зямлі разгойданай — на хвалях
Аранжавых грымот, што засцяць свет, —
Ва ўздыбленых зямліста-чорных далях
Я бачыў твой імклівы сілуэт.
Ад гулкіх трас нябёсы ружавеюць,
Бягуць байцы — ланцуг за ланцугом,
I душна крылы плашч-палатак веюць —
Для ворага смяротным халадком.
На грэблі ўзгорка, не абцёршы твару,
Прыстояў — кулямёт на перавес, —
I ўслед табе, прыўстаўшы ад удару,
Абтрос галіны сонечныя лес.
Гусцей татуіровачнай наколкі —
Варонкі. Смерць — міне ці не міне?
I — даляцелі дымныя асколкі
Да яблыні, дзе ты абняў мяне.
Адно імгненне — што б аддаў за вечнасць!
Ты быў са мной, запылены зусім,
А мне вярнуў любоў, і чалавечнасць,
I чысціню зямную — назусім.
I, чуючы, што бітва цябе кліча
Туды, дзе ўсталі выбухаў слупы,
У вочы я забраў тваё аблічча,
Якое бачыць буду і сляпы.
Праз столькі часу — сярод зборышч людных
Цябе шукаў я, прывідны бадай:
Ці ты жывы, ці ты — сярод адсутных? —
З'явіся сам ці голас мне падай!
Хай буду думаць аб жыцці і хлебе,
Душой адданы вогненным гадам,
Твой светлы вобраз напішу на небе
I — назаўсёды сыну перадам.