На белых абадах веласіпеда
Кацілася два сонцы праз жыты.
I бесклапотна каласіла лета,
З якім навечна расставаўся ты.
I ветразь накрухмаленай кашулі
Магла з падворку маці распазнаць,
Кашулі той, якую скора кулі
У спелым жыце здолеюць нагнаць.
I згасне зрок ад машкары-сляпіцы,
I не стрымаць бліскучага руля,
I ў ліхаманцы замільгаюць спіцы,
Калі з табой прыпыніцца зямля.
Знаёмы пошум вецярок даносіць,
I сонца круціцца, як верцяно.
I страшна свет паспеў абезгалосець,
Бо там не чутна слова ні адно.