Апошні дзень Другой сусветнай

 

Памяці Героя Савецкага Саюза
старшыны 1-й стацці
Мікалая Галубкова

Я з вышыні гадоў,
нібы з гары,
гляджу ў далечыню свайго юнацтва.
І хвалі жаўтаводай Сунгары
мне ўсё часцей і мрояцца і сняцца.

Вінюся я тады перад сабой,
што ваблюся на дробныя спакусы…
І ўспамінаю зноў кароткі бой
за горад з цьмянай назваю –
Цзямусы.

На бераг сходня выкінута ўраз.
І раптам месяц выплыў з хмарнай сховы.
– Схаваўся б лепей! Ён зусім не ў час! –
пачуўся голас Колі Галубкова.

Спявак найлепшы. Першы жартаўнік.
І прыгажун. Як гюйс матроскі, вочы.
І тут ён
самы першы
ў цемры знік,
за іншымі хавацца неахвочы.

Дэсант сышоў на бераг.
І было б
усё як след.
Адна, другая сопка.
У гэты момант
проста нам у лоб
загаварыла агнявая кропка.

Адкуль узяўся гэты чортаў дот?
У ім і не дастанеш самурая…
А сярод нас злюцелы кулямёт
чарговую ахвяру выбірае.

Ды Коля Галубкоў
у поўны рост
устаў.
І ўпаў,
падкошаны знямогай…
Яго жыццё пралегла,
нібы мост,
між намі і ўжо блізкай перамогай.

Крывёю захлынуўся кулямёт,
прыдушаны цяжкім і дужым целам.
І толькі стужкі чорныя ўразлёт
шматаліся пад ветрам ашалелым…

Яго прынеслі верныя сябры
на карабель.
І слёзы напрыкметна
каўталі моўчкі ўсе.
А з-за гары
ўставаў
апошні дзень
Другой сусветнай…

І кожны раз, калі я над сабой
свой найвышэйшы суд
вяршу сурова,
я ўспамінаю той кароткі бой
і маладога
Колю Галубкова.