Медалі

 

Я не начышчу медалі.
Яны мне тым ужо святыя,
што дым няроднае зямлі
уеўся ў іх бакі крутыя.

Я іх дастаў,
каб прыгадаць
тых дзён падзеі і надзеі.
Я з імі сам –
ні ўзяць ні даць –
на сорак год памаладзею.

Завалачэцца дымам даль,
шалёны вецер зноў завые
у мачтах…
Першы мой медаль
быў за заслугі баявыя…

Па гнуткіх сходнях мы бяжым,
хоць смерць сячэ
ва ўпор і скоса…
Дасюль на беразе чужым
ляжаць мае сябры-матросы.

Ім не ўручалі медалі,
высокіх зорак
не ўручалі.
Яны ж дарэшты аддалі
усё, што мелі. Там, дзе палі.

Калі заслугі – з баявых,
яны – заслугі, не паслугі.
У гонар мёртвых і жывых
салют малюе ў небе дугі.

Ідуць гады, што караблі.
То ў штыль,
то ў бурнай крутаверці…
Не стану чысціць медалі,
каб памяць даўніх дзён не сцерці.