Іванаў вяз

 

Яе Іван быў як усе Іваны.
Муж. Бацька. І нарэшце – партызан.
Ён у магіле брацкай пахаваны,
яе адзіны між усіх Іван.

І гаравала з малалеткам-сынам.
І ноччу ўпотай плакала не раз.
Абодвум пра Івана напамінам
быў да вайны ім высаджаны вяз.

Вяз...
гэты вяз...
Не, ён не проста дрэва!
Ён – як асілак на сваёй зямлі.
Ані мароз, ні спёка, на залева
яго жыццёвай сілы не звялі.

Бруяцца сокі пад карой шурпатай.
Гамоніць неўміручае лісцё.
І ўсё вышэй ён устае над хатай
не помнікам, а як само жыццё.

Ды хоць гады знікаюць беззваротна,
ўсё адчувальней з часам іх цяжар.
Ён памятае і агонь смяротны,
і папялішча неастылы жар.

Ён памятае светлы дзень вясновы
і ззянне пераможнага сяйва.
Ён памятае,
як падмурак новы
ўкладала партызанская ўдава.

Іванаў вяз...
На свеце ўсім – адзіны.
Няма ўжо і ўдавы...
Ды што з таго?
Ссівелаю бярозаю
Куліна
хінецца,
як у песні,
да яго.