Светлай памяці аднагодкаў
Hi хмурынкі, ні ветрыка
Ад Ляскавіч да Петрыкава.
Толькі сорак галасоў
Над маўклівасцю лясоў.
Сорак дзетак-малалетак,
Сорак чаек у адчаі.
Нашы маткі так крычалі,
Што завяла сорак кветак.
«Цыць, Рыгорка, не раві!
Колькі у цябе крыві?
Трошкі возьмуць — і дамоў!
I нашто ім наша кроў?»
Hi хмурынкі, ні ветрыка
Ад Ляскавіч да Петрыкава.
Толькі сорак галасоў
Над маўклівасцю лясоў.
Толькі гэркаюць аўчаркі.
Канваіры: «Шнэль! Цурук!»
I прытушваюць цыгаркі
Аб далоні нашых рук.
...Наплыве успамінаў дым,
Зноў убачу, нібы надоечы,
Як хапаюць нас па адным
I да шулы прывязваюць стоячы.
Хліпнеш раз,
Хліпнеш два,
Хліпнеш тры.
Пырсне кроў у літровую банку.
I патухне сонца ўгары
Зранку.
«Не чапайце сястрычку маю,
He чапайце!
Лепш ля шулы жывым
Вы мяне закапайце!
Кроў вазьміце да дна,
Кроў вазьміце!
Толькі Верку дамоў
Адпусціце!»
Круціўся свет у чорных плямах.
Я на траву валіўся ніц...
Навотлеў біў у сэрца прама
Крывавы шпрыц.
Калі ж канчаліся трызненні,
У сонным хісткім праясненні
Матулю бачыў я. Яна
Ішла кудысьці, нешта пела,
Але на рукі не хацела
Узяць мяне. I я крычаў,
Крычаў, пакуль не замаўчаў...
Няўжо гэта наш зарачанскі бор?
Вунь дзядзька Андрэй, касцёр.
Няўжо гэта мая нага, рука?
Ой, як хочацца малака!
А дзе ж Рыгорка, Верка, Надзя,
Зоська, Клава, Антосік, Ядзя,
Міхаська, Міколка, Янінка, Адам
А дзе ж гэта я сам?
— Ляцела сорак сарок...
— Гэта казка?..
— Праўда, сынок!