Балада вятроў

 

Брату Рыгору

Паўночны вецер — самы халодны.
Паўднёвы вецер — самы гарачы,
Год сорак трэці — самы гаротны:
Дагэтуль дзяцінства маё ў ім плача.
Злосны і сіверны вецер заходні.
Вецер усходні — лагодны, гаючы.
...Тыфус лютуе. Падаюць дзеці,
Як дубкі з падрэзанай кручы.
Падаюць дзеці на шыгал, на травы,
А да жыцця — няма пераправы.
Грудкі магільныя, ўзгоркі...
Трызняць матулі ў адчаі горкім:
«Наляціце, ветры, з чатырох бакоў,
Забярыце нашых дачок, сыноў,
Нас развейце і спапяліце,
Толькі з пекла іх панясіце
Праз сухія лясы, праз крывавыя долы,
Праз моры і войны да светлай долі...»
Высахлі, вымерзлі дзіцячыя цельцы.
Ногі не ходзяць. Рукі апалі.
Змалку бяздомнікі-пагарэльцы,
Выжыўшы, мы назаўсёды спазналі:
Паўночны вецер — самы халодны.
Паўднёвы вецер — самы гарачы.
Злосны і сіверны вецер заходні.
Вецер усходні — лагодны, гаючы...